ФЕДЭРА́ЛЬНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ у Аўстраліі,
агульнааўстралійскі бел. прадстаўнічы орган. Створана ў снеж. 1976 на 1-й сустрэчы беларусаў Аўстраліі ў Мельбурне. Дзейнічае паводле статута. Кіруючы орган — Выканаўчы к-т, старшынямі якога былі К.Станкевіч (1980), М.Шэк (1982), А.Груша (з 1985). У 2002 рада аб’ядноўвала ў якасці калектыўных членаў 8 бел. арг-цый, у т. л. Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне ў Паўн. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш. Стварэнне рады мела на мэце дасягненне адзінства і згоды бел. супольнасці ў Аўстраліі. Асн. кірункі дзейнасці — арганізацыя нац., культ. і грамадскіх мерапрыемстваў, аказанне дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы 1986, выкананне прадстаўнічых функцый і інш. У 1990 рада заснавала К-т дапамогі ахвярам Чарнобыля, у 1991 звярнулася да ўрада і парламента Аўстраліі з прапановай вызначыць квоты для эмігрантаў з раёнаў Беларусі, найб. забруджаных радыяцыяй.
А.С.Ляднёва.
т. 16, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)